На галоўную

Прыватны дзёньнік – Павал Батуеў

Хроніку галадоўкі пратэсту салігорскай моладзі супраць рэпрэсій за іншадумства падае адзін зь яе ўдзельнікаў Павал Батуеў, які за палітычную актыўнасьць нядаўна быў адлічаны зь Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту.



29 траўня, панядзелак

А 14-ай гадзіне пяцёра салігорскіх хлапцоў распачалі галадоўку – Іван і Ільля Шылы, Яўген Мядзьведзеў, Сяргей Пацкевіч і Макс Сяменьчык. Апошняга адлічылі з ПТВ за ўдзел у абароне намётавага мястэчка (спачатку ў вуснай форме паведамілі, што ён адлічаны, а калі Макс хацеў забраць дакумэнты, сказалі, што аддадуць іх пасьля таго, як ён сплоціць ПТВ два мільёны рублёў). Ён меў стандартны для вясны-2006 вырак – 10 сутак за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу й выкрыкваньне “антыдзяржаўных” (!!!) лёзунгаў – “Жыве Беларусь!” і “Беларусь – у Эўропу!” Братоў Шылаў таксама затрымалі падчас разгону мястэчка, а іхны бацька адседзеў тыя ж стандартныя 10 сутак, а пасьля на яго наклалі й штраф – за “злоснае ўхіленьне ад выхаваньня дзяцей”.
Хлопцы склалі патрабаваньні – узнавіць на вучобу Макса й спыніць крымінальны перасьлед іншадумцаў. Зрабілі й павесілі на гаўбцы расьцяжку з надпісам – “Галадоўка”.
У гэты дзень я па справах знаходзіўся ў Менску. Недзе а 14:20 патэлефанаваў Зьміцер Дзядзенка. Паведаміў пра пачатак галадоўкі. Стэлефанаваўся з Іванам. Выказаў падтрымку й паабяцаў далучыцца на наступны дзень.
А 19-й да галадоўкі далучылася пятнаццацігадовая Крысьціна Самойлава.

30 траўня, аўторак

Хлопцы празь мясцовых дэмакратычных актывістаў Ларысу Насановіч і Аляксандра Цэцуру перадалі свае патрабаваньні ў мясцовы КДБ, пракуратуру й выканкам. Прыблізна а 10-й раніцы прыходзілі супрацоўнік міліцыі Міхнавец і “невядомы ў цывільным”. Яшчэ раз запісалі патрабаваньні.
А 10:37 з дапамогай адмысловай тэхнікі міліцыянты зьнялі (а фактычна скралі) расьцяжку. Тады на гаўбцы зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, а пад вечар – і новая расьцяжка.
15:30. Маршрутка на Салігорск, а ў самім Салігорску ў гэты час міліцыянты зноў караскаюцца на гаўбец. Гэтым разам па сьцяг, але хлопцы пасьпяваюць яго зьняць раней. Міліцыянты зьяжджаюць ні з чым, а сьцяг вяртаецца на сваё месца. Праз паўгадзіны на гаўбцы суседкі зьяўляецца капітан Драбуцька. Размаўляе зь Іванам. Крысьціна фатаграфуе. Капітану гэта не падабаецца, ён пагражае непрыемнасьцямі усім галадоўшчыкам.
Штодня ў горадзе сябры галадоўшчыкаў раздаюць улёткі. Наклад невялікі – 200-300 асобнікаў. Адна з улётак патрапіла да бацькоў Яўгена Мядзьведзева, пасьля ім патэлефанавалі зь міліцыі. Яўгена забралі дахаты, але галадоўку ён не спыніў.
18:30. Я далучыўся да галадоўкі.
У аўторак камэра відэаназіраньня, што знаходзіцца на будынку ўправы “Беларуськалію”, канчаткава зафіксавала свой позірк на гаўбцы з расьцяжкай. Усе жартуюць, што ўдзельнічаюць у рэаліці-шоў “На гаўбцы”.

31 траўня, серада

Раніцай прыходзяць лекары – за дзень да гэтага актывіст БХК даслаў ім ліст з патрабаваньнем наладзіць мэдычны агляд усіх галадоўшчыкаў. Чамусьці лекары зьбіраюцца аглядаць толькі дваіх, але пасьля пагадзіліся, што й астатнім трэба агляд.
На гаўбцы выставілі музычны цэнтар. Гучнасьці хапае, каб прыцягнуць увагу мінакоў, але недастаткова, каб выклікаць абурэньне суседзяў.
Іван здае школьны іспыт па беларускай мове на 7 балаў.
Прыехалі фатографы – Ю.Дарашкевіч і С.Грыц. Яны яшчэ ня зьехалі, а нашыя здымкі ўжо зьявіліся на Свабодзе.
А 14-ай да нас далучыўся Уладзімер Лемеш, мясцовы актывіст АГП.
Праз падобны псыхалягічны клімат міжволі узьнікаюць асацыяцыі з плошчай Каліноўскага: тады, як і цяпер, менавіта моладзь супрацьстаіць дзяржаўнай рэпрэсіўнай машыне; як і тады, гераізм адных мяжуе з абыякавасьцю іншых… Да таго ж “Песьні Свабоды”, што гучаць з калёнак музычнага цэнтру, ствараюць неабходны антураж.
Увечары прыехаў карэспандэнт “Радыё Свабода”. Прывёз апошні шэдэўр ад “Навінак” – “Гудбай Бацька”. Увечары калектыўны прагляд. Фільм – супэр!

1 чэрвеня, чацьвер

Пасьля візыту лекараў зьявіліся супрацоўніцы аддзелу сацыяльнага забесьпячэньня выканкаму. Усе сабраліся ў вадным пакоі. Нашай адсутнасьцю на гаўбцы скарысталіся іншага кшталту “супрацоўнікі” і зноў скралі расьцяжку. Што праўда, ужо праз паўгадзіны зрабілі новую. Балазе напярэдадні мясцовы прадпрымальнік прынёс пару мэтраў тканіны.
Патэлефанаваў былы амбасадар Польшчы й акрэсьцінскі вязень Марыюш Машкевіч. Выказаў нам словы салідарнасьці й перадаў прывітаньне Уладзімеру Шылу, зь якім пазнаёміўся ў турме на Акрэсьціна.
Прыйшоў майстар з ПТВ. Патрабаванье двух мільёнаў ад Макса назваў жартам.
Атрымаў мэйл ад доктара Марыюша Залеўскага зь Інстытуту сацыялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту й Зьмітра Гурневіча, беларускага студэнта ў Польшчы і карэспандэнта “Radio Polonia”, які таксама адседзеў 10 сутак на Акрэсьціна.
Да галадоўкі далучыўся Глеб Сандрас.
Разам зь Іванам пайшлі ў рэдакцыю мясцовага тэлеканалу СТК, што месьціцца ў тым жа доме, што й кватэра, у якой мы галадаем. Пытаемся ў галоўнага рэдактара Сьвятланы Скрыпнік, ці не жадае СТК зрабіць сюжэт пра галадоўку. Кажа, што мусіць узгадніць гэнае пытаньне з аддзелам ідэалёгіі. Бярэ нумар тэлефону й абяцае назаўтра патэлефанаваць.
Пад вечар прыехалі госьці зь Менску – сябры АГП.
Як сьцямнела, нашыя сябры запалілі пад вокнамі 80 сьвечак.


2 чэрвеня, пятніца

Уладзімера Шылу выклікалі ў міліцыю. Размова пра галадоўку. Начальнік міліцыі Захарчук кажа, што ў горад прыязжаў міністар унутраных справаў. Пра гэта ж трохі пазьней мне паведаміў знаёмы.
Крысьціне тэлефануюць і настойліва запрашаюць прыйсьці ў міліцыю. Захарчук разам з Аладкам прыходзяць да нас. Іван размаўляе з начальнікам міліцыі. У гэты час прыходзяць бацькі Крысьціны. Пачынаюць бурна й даволі груба выказваць незадаволенасьць прысутнасьцю Крысьціны на кватэры. Пагражаюць нам. Капітан Аладка карэктна выправоджвае іх.
Крысьціна спыняе галадоўку, але далучаюцца Сяргей Хораў і Дзяніс Карноў.
Прыязжаюць менскія сябры АГП.
Тэлефануе галоўны рэдактар СТК і кажа, што здымаць сюжэт пра нас ня будуць. “Пэўна, аддзел ідэалёгіі ня даў дазволу?” Пакідае нашае пытаньне без адказу. Вырашаем ісьці ў выканкам да спн. Пятрашкі (намесьніцы старшыні выканкаму па ідэалягічнай працы), каб атрымаць камэнтар. Выходзім на плошчу й адразу заўважаем пільную ўвагу да нас з боку людзей з характэрнай зьнешнасьцю. Перад уваходам у будынак нас спыняюць і пытаюцца, што нам там трэба. Паказваюць пасьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі. У будынак пад наглядам двух супрацоўнікаў пускаюць толькі Івана, мяне й журналіста “Свабоды” Квяткоўскага . Кабінэт галоўнага ідэоляга зачынены. Ідзем да старшыні выканкаму. Зьяўляецца спн. Пятрашка са здымачнай групай СТК (пэўна, такі важны сюжэт трэба курыраваць асабіста – як бы яго не зьнялі ў ідэалягічна няправільнай афарбоўцы). Старшыня выканкаму сп. Амельянчук – тыповы вэртыкальшчык і ахвяра лукашысцкай прапаганды: “Колькі вам заплацілі?” Вельмі карцела адказаць: “20 тысяч і бутэлька гарэлкі за кожны дзень”, – але навошта ж выконваць працу ідэолягаў? Натуральна, сустрэча была безвыніковай. Улада жыве па прынцыпе: “Ёсьць маё меркаваньне, астатнія меркаваньні памылковыя”.
Увечары міліцыянты затрымліваюць Макса Сяменьчыка, Сяргея Пацкевіча й Івана Шылу. Неяк адразу ўзгадалася вясна, калі амаль усе актывісты дэмакратычнага руху пачалі “выражатся нецензурно, размахивать руками и не реагировать на неоднократные замечания сотрудников милиции”. Але гэтым разам усё абыйшлося – празь дзьве гадзіны хлапцоў адпусьцілі.

3 чэрвеня, субота

Прачнуўся. Выходжу на гаўбец выпаліць цыгарэту (нават падчас галадоўкі не магу пазбавіцца гэнае звычкі). Учора на гаўбцы павесілі вялікі – 2x1 мэтры – сьцяг. Зьмяніўся накірунак ветру. Сьцяг цягнецца да спадарожнікавых антэнаў. Беларускае незалежнае грамадзтва таксама цягнецца да інфармацыі, непадкантрольнай лукашэнкаўскім цэнзарам. Вось толькі ідэолягі розных калібраў замінаюць.
“Жы-ве Бе-ла-русь!” – сыгналіць пад гаўбцом машына. Таксама нагадвае плошчу Каліноўскага. Уздымаецца настрой.
Іду піць зялёную гарбату. За апошнія дні выпіў яе столькі, што баюся, што хутка пазелянею сам. Тады, праз сваю паголеную галаву, буду падобны да Шрэка.
Увечары па вуліцы ідуць два аматары “крыжачка”. У руцэ – бутэлька “віна”. Раптам спыняюцца. Пазіраюць на сьцяг. “Пацаны, мы с вами!”. Вельмі нечаканая падтрымка…
Пэўна, гэта былы электарат ППРБ, які пасьля патрабаваньня Лукашэнкі не галасаваць за яго аматарам алькаголю, аддрэйфаваў у бок дэмакратаў. Вось загадка, якую ў будучыні мусяць разгадаць палітолягі (а перадусім супрацоўнікі генпракуратуры ўжо незалежнай дэмакратычнай Беларусі) – прэзыдэнт сам падрывае сваю электаральную базу, а “народная падтрымка” год ад году расьце!

4 чэрвеня, нядзеля

Шмат машын сыгналіць. Настрой прыўзьняты. Чакаем гасьцей зь Менску.
А 16-ай прыехалі Кася Камоцкая, Алесь Бяляцкі, Алесь Камоцкі, Алесь Каліта, Юры Хашчавацкі й журналісты. У краме, дзе госьці набывалі для нас ваду, пэнсіянэры паведамілі, што мы галадаем за амэрыканскія грошы! Доўга рагаталі.
Кася сьпявала. Прэзэнтавала дыскі. Пабралі аўтографы. Хашчавацкі прэзэнтаваў дыск зь фільмам “Падман”. Каліта амаль адразу пайшоў раздаваць газэту “Товарищ”.
Наступныя госьці прыехалі а 19-ай: Уладзімер Арлоў і Зьміцер Бартосік. Вельмі пэрспэктыўнай падаецца барацьба за Беларусь паводле адной вядомай песьні Зьмітра. Аднак з-за галадоўкі пакуль вымушаны адкласьці гэную барацьбу на пазьней.
Увечары амаль усе чыталі падараваныя Арловым кнігі.
“Для высьвятленьня” асобы затрымалі нашага сябра Аляксея Янковіча, які раздаваў газэту “Товарищ”.

5 чэрвеня, панядзелак

Іван здае іспыт па расейскай мове на 6 балаў.
13-гадовы Ільля спыняе галадоўку. Ягонага бацьку выклікаюць у пракуратуру. Далі папярэджаньне за кепскае выхаваньне дзяцей. Вусна папярэдзілі, што ў пэрспэктыве гэта можа скончыцца пазбаўленьнем бацькоўскіх правоў.

6 чэрвеня, аўторак

Прыехалі сустаршыня “Маладога Фронту” Сяржук Бахун і Аляксандар Мілінкевіч.
Лідэр беларускага дэмакратычнага руху заклікае непаўнагадовых спыніць галадоўку, а старэйшых берагчы сілы для далейшае барацьбы. Раней нам перадалі зварот Ірыны Казулінай, Галіны Сіўчык, Вольгі Завадзкай, Валянціны Статкевіч і Людмілы Гразновай з падобным заклікам. Вырашаем у сераду а 14-ай спыніць галадоўку і сканцэнтраваць намаганьні на выданьні сваёй газэты. Рэжым трымаецца на хлусьні. Лічым, што такі мэтад барацьбы будзе больш эфэктыўны.
А 22-й на плошчы флэш-моб: на прыступках ля помніка Леніну стаяць бутэлькі з вадой, паміж імі – запаленыя сьвечкі.

7 чэрвеня, серада

Глебу тэлефануе клясная кіраўніца. Пытаецца пра ягоны ўдзел у галадоўцы. Паведамляе, што гэтае ж пытаньне цікавіць “людзей, якія займаюць высокія пасты”. Запрашае Глеба ў школу, але ён адмаўляецца.
Роўна а 14-ай зьнялі сьцяг і расьцяжку…

Увечары камэра відэаназіраньня ўсё яшчэ пазірае на гаўбец, а мінакі задзіраюць галаву, каб пабачыць галадоўшчыкаў…
СТАНЬ ПОБАЧ!
Адчуй дух свабоды й салідарнасьці! Стань побач з намі! Дзейнічай!

2558060 3795899 - Салігорск
Сябры
ZaSvobodu.org
НАШ БАНЭР